movadet-44

Батлейка на Раство. Дзецi адраджаюць беларускiя традыцыi

Лялечны спектакль прайшоў на моўных курсах

У суботу 9 студзеня на курсы «Мова нанова» для дзяцей слухачоў прыйшло больш звычайнага. Іх было так шмат, што некаторым прыйшлося нават узяць кілімкі, каб зручна было сядзець на падлозе. А справа ў тым, што ўпершыню на моўных курсах дзецям і дарослым прапанаваны быў да прагляду лялечны спектакль – Батлейка.

Слова «батлейка» паходзіць ад назвы горада Віфлеем (Bethleem) і азначае тэатр лялек, прадстаўленні ў якім адбываюцца ў асноўным на рэлігійную, біблейскую тэматыку. Апошняя і стала галоўнай тэмай каляднага прадстаўлення – нараджэнне Хрыста. Героямі Батлейкі сталі вешчуны, анёлы, Марыя Дзева, Ісус Маленькі, цар Ірад. Нават Cмерць – тая, што з касой – выйшла выказаць свае думкі.

Ідэя аб тым, што было б цікава зрабіць лялечнае прадстаўленне і паказаць яго «сябрам па мове», прыйшла адной са слухачак – Насце Турчук. Падобную Батлейку яны з матуляй на Раство рабілі ў сябе дома, для сям’і і сяброў. Аднак рабілі на рускай мове, і каб перакласці тэкст і ажывіць яго, Наста папрасіла дапамогі ў вядучай курсаў – Аляксандры Грынь.

— Атрымалася кампіляцыя з розных крыніц, што, можа, і не правільна з пункту гледжання традыцый, але мы рабілі, каб нам і дзецям было цікава, — дзеліцца Аляксандра.

Цікавую, своеасаблівую атмасферу Раства і Каляд стварала ўтульнае асвятленне памяшкання, а таксама музыка і спевы. Прыгожыя мелодыі, чароўныя галасы Кацярыны Пыжык і Таццяны Сцепанюк быццам ахутвалі залю пачуццём пяшчоты, казачнасці і свята.

Гледачам прадстаўленне падабалася – гэта было відаць па цёплым усмешкам на іх тварах. І нават самыя маленькія слухачы курсаў глядзелі яго ціха і зацiкаўлена. Прыемна, што моўныя курсы становяцца для берасцейцаў не толькі адраджэннем мовы, але і адраджэннем традыцый.

Фота: Таццяна Мароз