Эксперымент па-беларуску
Як знайсці працу маладому спецыялісту?
Кожны год рынак працы папаўняецца прыкладна паўсотняй тысяч дыпламаваных спецыялістаў. Тым часам колькасць зарэгістраваных беспрацоўных перавышае 30 тысяч чалавек. Пры тым, што вакансій стала значна менш за саіскальнікаў. Што рабіць выпускніку ВНУ ў такіх умовах? Як уладкавацца на працу, калі спыняюцца прадпрыемствы, а людзей масава звальняюць? Мы вырашылі правесці свой эксперымент і паспрабавалі за месяц знайсці працу.
Берасцейскі студэнт Мікола вучыцца на апошнім курсе будаўнічага факультэта і размаўляе па-беларуску. Ён не проста размаўляе, але піша і абараняе курсавыя праекты на роднай мове. Тым больш цікава было назіраць за Міколай у працэсе пошуку працы.
— Са школы хацеў сюды паступаць. Будаўніцтва падабаецца. Мой бацька — будаўнік, брат вучыўся на будаўніка. Зараз прэстыж спецыяльнасці згубіўся з-за эканамічнай сітуацыі. Людзі нічога не будуюць, не праектуюць, таму што грошай няма. Раней на аднаго чалавека магло быць да пяці заявак. Зараз наадварот — адна заяўка на дзясятак выпускнікоў. Размеркаванне можа быць нават у калгас. Таму выкладчыкі на кафедры рэкамендавалі шукаць месца працы самому. Да таго ж сказалі, што першае афіцыйнае размеркаванне будзе на прыканцы красавіка. Хутчэй за ўсе, месцаў не будзе хапаць, таму яго перанясуць на жнівень. Каго не размяркуюць, у таго будзе свабодны дыплом, — тлумачыць Мікола.
“Самі бачыце, якая сітуацыя: мы сваіх звальняем”
Пошук працы пачаўся з абходу берасцейскіх арганізацый, якія спецыялізуюцца на будаўніцтве. Іх колькасць за апошні час значна зменшылася, як і заробак. Яшчэ некалькі год таму нельга было і падумаць, што тэхнары перастануць быць запатрабавальнымі. “Самі бачыце, якая сітуацыя: мы сваіх звальняем,”— найбольш папулярны адказ.
У месцы, дзе праходзіў практыку, таксама сказалі, што ў іх скарачэнні і на працу яны не бяруць. Ім увогуле не да нас было.
Наступным этапам барацьбы з безпрацоўем было стварэнне рэзюмэ на некалькіх сайтах. Дарэчы, статыстыка, апублікаваная на rabota.tut.by, паказвае, што колькасць рэзюмэ ўзрасла за год на 59%. З аднаго боку, зрабіць рэзюмэ проста, з другога – эфект ад яго невялікі.“У асноўным было два варыянта: ці проста паглядзелі, ці адмовілі,”— дзеліцца Мікола.
“Мы на два гады не можам кантракт падпісаць…”
— Потым пачаў званіць па арганізацыях, не толькі берасцейскіх, але і іншых гарадоў, куды мог бы пераехаць. Таксама безвынікова. Некаторыя перапытвалі, калі чулі беларускія словы, але адказвалі далей.
Калі набраў у Менск, то казалі, што пакуль няма вольных працоўных месцаў, спрабуйце праз час, можа нешта зменіцца. Я зноў тэлефаную, яны кажуць: нічога не змянілася. У Берасці мне таксама параілі пытаць кожны месяц, магчыма, ўсплыве якая-небудзь вакансія.
Была такая сітуацыя, калі спачатку сказалі, што бяруць, а калі даведаліся, што бюджэтнік, адказалі: “Мы на два гады не можам кантракт падпісаць”.
Званю далей. Пытаюць, які ўніверсітэт. Кажуць, каб адпраўляў рэзюмэ, бо спецыяліст патрэбны. А потым высвятляецца, што нейкая дзяўчына ўжо на гэтае месца ёсць. “Ну, пішыце рэзюмэ, але мы нічога вам не гарантуем”.
Адна прыватная арганізацыя таксама адмовіла, але яны ўзялі ў мяне нумар тэлефона і паабяцалі патэлефанаваць. У выніку я зноў сам набіраў. Сказалі, што з сакавіка прыходзіць абуджэнне будаўніцтва, таму што зіма праходзіць. Есць шанец, што праекты пачнуць крыху рухацца. Але не рухаюцца… , — распавядае удзельнік нашага эксперыменту.
“Лекцыі па-беларуску ніхто не будзе разумець”
У кожнага выпускніка ВНУ ёсць магчымасць застацца ў сценах роднага ўніверсітэта, паступіўшы ў магістратуру. “Я разглядаў гэты варыянт, — распавядае Мікола. —Але мой выкладчык мяне папярэдзіў, што калі я буду стажорам, то маі лекцыі па-беларуску амаль ніхто не будзе разумець. А ў такім выпадку студэнты маюць права напісаць заяву, каб змяніць выкладчыка”.
На самой справе, ва ўніверсітэце амаль усе добразычліва ставяцца да маёй беларускамоўнасці. Толькі кажуць: “О, патрыёт!” Некаторыя нават пачыналі па-беларуску са мной размаўляць. Хаця былі выпадкі, калі пыталі, з якой я партыі.
Для чысціні эксперыменту мы вырашылі паспрабаваць знайсці працу не па спецыяльнасці. Такую, што не патрабуе адукацыі і навыку. Выйшла не на шмат прасцей.
— Здавалася, што ў сферы абслугоўвання не вельмі хацелі бачыць беларускамоўнага працаўніка. У асноўным адказвалі: “Мы ўжо набралі”. Хаця телефанаваў я па толькі што надрукаваных вакансіях. Як можна знайсці чалавека так хутка?
Станоўчы адказ я атрымаў толькі па вакансіі кур’ера. Мяне запрасілі на суразмоўе. Наконт мовы сказалі, што гэта будзе ў іх упершыню і што можна выкарыстоўваць гэта як піяр-ход, — кажа Мікола.
Месяц пошукаў, паўсотні арганізацый, сотні званкоў…
Як гэта не дзіўна, пошукі працы скончыліся ўдала! Родныя Міколы дапамаглі знайсці вольную вакансію. Ён паспяхова прайшоў суразмоўе і атрымаў адпрацоўку.Месяц пошукаў, паўсотні арганізацый, сотні званкоў і шчаслівы выпадак, як выключэнне з правіл.
Можна прыйсці да выніку, што працу самому вельмі цяжка знайсці. Раю ўсім перапытаць сваіх родных і знаёмых, хто хоць крыху звязаны з вашай спецыяльнасцю. Шмат чаго яшчэ залежыць ад суразмовы, на ёй усё вырашаецца. Галоўнае — шукаць і не здавацца!