Vitaut

Вітаўт быў тут!

ЛІТАРЫ СУМЕСНА З АГЕНЦТВАМ РЭГІЯНАЛЬНАГА РАЗВІЦЦЯ «ДЗЕДЗІЧ» ПУБЛІКУЮЦЬ АПОВЯДЫ АБ ГІСТАРЫЧНЫХ ПОСТАЦЯХ, ЯКІЯ АБАРАНЯЛІ, РАЗВІВАЛІ І ЎСЛАЎЛЯЛІ БЕРАСЦЕ. Вітаўт таксама быў тут.

Вітаўт (1350—27.10.1430), князь гарадзенскі, вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага (1392—1430). Належыць да ліку самых выдатных дзяржаўных дзеячаў Вялікага Княства Літоўскага. Рэзкія павароты ў палітыцы Вітаўта былі вынікам тых складаных знешніх і ўнутраных абставін, у якіх апынулася Вялікае Княства Літоўскае ў гэты час.

Пасля Крэўскай уніі (1387 г) ён выступіў супраць аб’яднання ВКЛ з Польшчай разам з групай феадалаў-аднадумцаў. Каб атрымаць вялікакняскі трон, ён звярнуўся па дапамогу да Тэўтонскага ордэна. І двойчы за ўсю гісторыю кіравання ён будзе аддаваць Ордэну землі жамойтаў, каб дасягнуць сваіх мэтаў. Пасля яго назавуць і Вялікім Магістрам тэўтонскага Ордэна, і начальнікам тайнага «Таварыства ваўка».

Вітаўт прытрымліваўся палітыкі цэнтралізацыі і ўзмацнення вялікакняскай улады. Пры гэтым імкнуўся пашыраць межы княства. Так ў 1395 годзе ў склад ВКЛ увайшлі Смаленскія землі. Згодна з з Віленска-Радамскай уніяй (1401), Вітаўт афіцыйна атрымаў тытул князя, а ВКЛ прызнавалася Польшчай роўным з ёю суб’ектам міжнароднага права.

Вітаўт ўзмацніў і павялічыў ВКЛ, а таксама паспрыяў перамозе ў бітве пад Грунвальдам, план якой быў выпрацаваны на пачатку снежня 1409 года ім і Ягайлам на ваеннай нарадзе ў Берасці.

Пры Вітаўце, які атрымаў мянушку “Вялікі”, наладзіліся ўстойлівыя і мірныя адносіны з Асманскай Імперыяй, Крымскім ханствам і Масковіяй; Вялікае Княства Літоўскае заняла самае дастойнае месца ў Еўропе.