Радзівіл быў тут!
ЛІТАРЫ сумесна з агенцтвам рэгіянальнага развіцця «Дзедзіч» пачынаюць публікаваць аповяды аб гістарычных постацях, якія абаранялі, развівалі і ўслаўлялі Берасце. Першая гісторыя пра Мікалая Радзівіла Чорнага.
Гэтага дзядзьку вы бачылі ўжо неаднойчы. Некалькі гадоў яго постаць стаіць на перакрыжаванні Савецкай і Гогаля. Гаворка ідзе пра Мікалая Радзівіла Чорнага.
Ён, безумоўна, адзін з найвядомейшых палітычных дзеячаў нашай радзімы – канцлер Вялікага Княства Літоўскага, ваявода віленскі, заснавальнік Нясвіжскай лініі роду Радзівілаў, чалавек, якога называлі некаранаваным каралём Беларусі, апосталам Рэфармацыі.
У 1549 годзе, на сойме, за Радзівіламі быў замацаваны княскі тытул. Ен становіцца ваяводам Троцкім, да яго уладанняў, і без таго вельмі вялікіх па тым часе, дадаюцца Дрысвяты і Берасцейскае староства.
У Берасці ён у першую чаргу адзначыўся тым, што адчыніў друкарню. У 1563 годзе была выдадзена так званая Берасцейская Біблія. Напісана яна на распаўсюджанай у той час польскай мове. У падрыхтоўцы перакладу бралі ўдзел каля 20 эўрапейскіх тэолагаў. Берасцейская Біблія стала адным з першых поўных перакладаў новага часу з мовы арыгіналу: іўрыту і грэцкай мовы.
Мікалай Радзівіл быў сапраўдным старастай нашага горада, які дбаў аб развіцці Берасця.