«Брэсту бракуе мора. Паўсюль пахне шашлыком, людзі весяляцца»
Беларусы з іншых гарадоў расказваюць пра сваё стаўленне да Брэста
Моладзь з розных беларускіх гарадоў падзялілася сваімі ўражаннямі ад наведвання Брэста, а LITARYсабралі іх думкі. Брэст прыйшоўся гасцям даспадобы, і што асабліва прыемна, мы заўважылі прытоеную пашану да горада, якая адзначаецца сярод гарадзенцаў. Заходняя салідарнасць паміж самымі еўрапейскімі гарадамі Беларусі, не інакш.
Стась КАРПАЎ, 30 год, дызайнер, публіцыст, паэт (Мінск): «Дзіўнае адчуванне ад паездкі ў Брэст. Ехаў, трымаючы ў галаве рэйтынг Панкаўца, дзе па ступені русіфікаванасці Брэст займаў другое месца пасля Віцебска. Прыехаў. Па-першае, Брэсту бракуе мора. А так – тыповы курортны горад. Замест мора – Мухавец. Паўсюль пахне шашлыком, людзі весяляцца. У рэстаранах усе адзін аднаго ведаюць. Пьюць віно і піва. Размаўляюць з украінскім акцэнтам. Мяккае “д”, але беларускае “г”. Пры гэтым на мову рэагуюць абсалютна нармальна. Гаспадыня кватэры, якую мы здымалі перажывала, што белмову ведае кепска і казала сваёй маленькай дачцэ, каб тая вучыла яе старанна. “Рахунак” прынеслі не перапытваючы. У крамах прадавалі, таксі везла. Адзін малады хлопец нават спрабаваў гаварыць па-беларуску. Наогул, людзі стараюцца адказаць максімальна даходліва і поўна. Могуць нават узяць за ручку і правесці па маршруце. От так-та».
Кірыла ЖЫТКЕВІЧ, 23 гады, эканаміст, выкладчык (Гродна): «У Брэсце быццам два цэнтры, дзе можна тусіць. У заходняй частцы – усе адміністрацыйныя будынкі, але ўсход таксама своеасаблівы цэнтр з універсітэтам, «Каронай», туды можна ехаць за пакупкамі. Круцейшая Савецкая ў горадзе. Добра развіта прадпрымальніцтва – як след шмат магазінаў. Інфраструктура сфармавана лепш, чым у Гродне. Праз увесь горад цягнецца шырокая дарога, уздоўж яе прасторныя пешаходныя дарожкі, па якіх можна смела гуляць. Праспект Кляцкова ў Гродне шырокі, але ён не ў цэнтры і не такі прывабны. Цэнтр Гродна набліжаны да Варшавы – добра і прыгожа прыбраная гістарычная забудова. А ў Брэсце няма чаго прыбіраць, але там шмат месца для чаго заўгодна».
Людміла ЦВЯТКОВА, 24 гады, капірайтар (Віцебск): «Пасля Мінска любы горад Беларусі здаецца спакойным, утульным і душэўным. Мне вельмі падабаецца мой родны Віцебск, гэты райскі куток на Дзвіне. Не менш каларытным з’яўляецца Брэст. Яго гасціннасць адчуваецца адразу. Калі прыязджаеш у Брэст, заўсёды хочацца пазнаваць нешта новае, і гэта атрымліваецца. Нават Брэсцкая крэпасць заўсёды сустракае па-рознаму, кожны раз пасля яе наведвання думаю пра тое, калі зноў вярнуся сюды. Вельмі спадабалася вуліца Савецкая: мінімум гарадской мітусні, максімум волі. Там прыемна гуляць летнім днём, атрымліваць асалоду ад марозіва і проста памарыць. У цэлым, Брэст не мудрагелісты горад, ён максімальна кампактны, за кошт чаго і ствараецца такая утульнасць. Многія называюць яго горадам адной вуліцы, у чарговы раз кажучы пра тое, што тут складана заблудзіцца і можна адчуваць сябе як дома. І я з гэтым згодная!»
Аляксей ШОТА, 25 гадоў, журналіст (Гродна): «Горад мне сапраўды падабаецца, асабліва цэнтр. Мне падаецца, там шмат таго, што арганізавана лепш за Гродна, асабліва гэта тычыцца публічнай прасторы. Хаця ў нас горад значна перспектыўнейшы па ўсіх параметрах. Варта хаця б параўнаць пешаходныя вуліцы ў нас і ў Брэсце, гарадскія скульптуры і помнікі ў нас і ў Брэсце, чыгуначны вакзал (ён у Брэсце вельмі круты). Наогул, Брэсту пашанцавала ў пытанні транспарту – гэта важны транспартны вузел, асаблвіа міжнародны. А ў Гродне – канец света. Адсюль нармальна нікуды не з’едзеш, усе міжнародныя цягнікі даўно паадмянялі».
Апытвала Наталля ПАЎЛЮКЕВІЧ