__Photo-3195

Размаўляй са мной на мове нацыі

LITARY склалі топ беларускамоўнага ў Брэсце 

Не раз даводзілася ад беларусаў чуць у адрас прадстаўнікоў іншых нацый (у асноўным, студэнтаў-іншаземцаў, з Туркменістану, напрыклад): “Че это они говорят друг с другом на своем туркменском? Приехали в нашу страну — должны говорить на нашем языке”.

На жаль (ці на радасць?), кажуць гэта ў асноўным, на рускай мове, як бы не бяручы да ўвагі назву нашай нацыі. Такім чынам, незадаволеныя таксама размаўляюць не на “своем языке”. А дзе ў беларускім Брэсце можна пачуць, убачыць і атрымаць асалоду ад сапраўднай беларускай мовы?

1. Mart inn

Новая сетка супермаркетаў атрымівае плюс у карму за беларускамоўныя надпісы: “Кожны аўторак новая акцыя”, “Кулінарыя. Свежае і смачнае”, “MART INN — гэта выгадна”.

Парада: Зрабіць назвы прадуктаў і кошты на беларускай. Тролінг рускамоўных беларусаў вышэйшага ўзроўню!

2. Чыгуначны вакзал

У адчыненым пасля рэканструкцыі будынку залы адпачынку брэсцкага чыгуначнага вакзала надпісы прадстаўлены на міжнароднай англійскай і нацыянальнай беларускай мовах. Галасы з залы, якія хвалююцца за рускіх (“Наши братья не поймут”) — пахвалюйцеся лепш за сваю нацыянальную адметнасць. А рускія няхай вучаць англійскую, калі беларускую не хочуць.

Парада: Някепска было б, каб персанал вакзала таксама добра валодаў англійскай і беларускай мовамі.

3. Банкаматы

Вельмі прыемна атрымліваць грошы ад беларускамоўнага банкамата, які кажа табе: “Калі ласка” і “Дзякуй”.

Парада: Спыніце дэвальвацыю!

4. Харчэўня «Сваякі» (вул.Пушкінская, 5)

Адно з нешматлікіх месцаў у горадзе, дзе наведвальніку прапануюць беларускую кухню, у тым ліку казачную беларускую піцу.

Парада: На жаль, харчэўня толькі на першы погляд беларускамоўная. Даеш больш беларускасці!

5. Сацыяльная рэклама

Час ад часу ў нетрах нашай сацыяльна арыентаванай дзяржавы зараджаюцца сацыяльна-падтрымальныя ідэі тыпу банераў “Маё першае слова – каханне

Парада: Больш крэатыву! Наша сацыяльная рэклама на стагоддзе адстае ад сусветных тэнденцый.

6. Беларускае аддзяленне філфака БрДУ

Цёпленькі і ўтульны інкубатар беларускай мовы ў брэсцкім вузе знаходзіцца, на жаль, у незайздросным стане. Як ні імкнуцца выкладчыкі наладзіць яго працу: і асабістым прыкладам ужывання мовы, і пагрозамі, і незалікамі, але тут, у кветніку, сярод студэнтаў мова папулярнасці не набывае.

Парада: Павысіць прахадны бал, каб на спецыяльнасці вучыліся толькі тыя, хто сапраўды закаханы ў беларускую мову і літаратуру.

7. Газета “Народная трыбуна”

Адзінае цалкам беларускамоўнае абласное выданне. Некалі было самай таннай газетай з праграмай TV і карысталася вялікай папулярнасцю.

Парада: Нешта рабіць з іміджам!

8. Іна Хоміч

Брэсцкая журналістка, якая каторы год нясе крыж беларускамоўнасці, час ад часу выслухоўваючы ад чытачоў праклёны. Але не здаецца!

Парада: Напісать кнігу “Як я раблю беларускамоўную журналістыку ў рускамоўным асяроддзі”.

9. Сьцяна

Ветэран брэсцкай рок-сцэны, гурт, які выконвае толькі беларускамоўныя песні і мае вялікую колькасць прыхільнікаў. Прыклад таго, што беларускае можа быць папулярным.

Парада: Заставацца беларускамоўнымі!

10. Шыльды Гісторыка-культурная каштоўнасць” і назвы вуліц 

Хай с памылкамі. Хай не ўсюды. Але на беларускай.

Парада: Некалькі разоў правяраць правільнасць напісання перад тым, як рабіць шыльды.

Фота: Марта МАРТЫНЮК, Зміцер БОСАК, facebook.com, Яўген Скавародка

 Што яшчэ ёсць беларускамоўнага ў Брэсце? Прапаноўвайце ў каментах!