Уорхал адпачывае
Ілюстратар Ганна Яцкевіч вучыць гараджан поп-арту
Сама Ганна паводле першай адукацыі — выкладчык беларускай мовы і літаратуры. Але сваё пакліканне знайшла ў малюнку. Перавучылася на дызайнера-ілюстратара і цяпер дорыць сваю любоў да мастацтва ўсім, хто жадае ствараць. Нават тым, хто ніколі да гэтага не трымаў пэндзля ў руках.
Мастачка прызнаецца, што малявала заўсёды, але так сталася, што профільную мастацкую адукацыю атрымала крыху пазней. Бо была занята філалогіяй, таму што так хацелі бацькі. Цяпер жа дзяўчына афіцыйна дызайнер-ілюстратар, і яе мара стала рэальнасцю. Яна малюе, а значыць, займаецца тым, чым заўсёды хацела займацца.
— Мая зацікаўленасць поп-артам нарадзілася са спроб і памылак, пакуль я працавала над стварэннем партрэтаў у гэтым стылі на замову, — гаворыць яна. – Акрамя гэтага, я даўно марыла аб стварэнні такой прасторы, куды людзі маглі б прыхадзіць, натхняцца і творча развівацца.
Так з’явілася ідэя арганізаваць спецыяльныя майстар-класы па поп-арце. Ад гэтай восені дарослыя брэстаўчане маюць месца, дзе можна праявіць свае творчыя здольнасці, асабліва калі яны нідзе да гэтага не вучыліся.
— Неяк павялося, што ў мастацкія школы ходзяць толькі дзеці, а куды падацца дарослым? – здзіўляецца Ганна. — Таму я вырашыла перадаваць уласныя веды, стварыўшы простую, але эфектыўную методыку.
Мудрагелістай яе не назавеш. Чалавек сам выбірае здымак – свой, супольны з супругам ці дзіцяці. Пасля Ганна апрацоўвае яго на кампутары, каб зрабіць больш рэзкім і кантрастным. У выніку застаецца максімум тры-чатыры тоны. Потым фота друкуецца пад памер палатна, каб максімальна спрасціць перанос здымка.
— Усё як мага больш аблегчана, бо чалавек павінен атрымліваць толькі пазітыўныя эмоцыі, — тлумачыць мастачка. — Што да спосабаў пераносу выявы, то іх некалькі, і пачаткоўцы звычайна выбіраюць найбольш просты.
У выніку на палатне атрымліваецца нешта накшталт маляванкі, якую трэба запоўніць колерам.
— Пасля пераходзім да працы з фарбамі. Часцей за ўсё людзі выбіраюць асноўныя колеры будучага малюнка самі. Працэс гэты творчы, таму мастак лепей разумее, якое адценне асацыюецца ў яго з тым ці іншым чалавекам. А можа, яму папросту падабаецца менавіта такая фарба, а не іншая… — распавядае Ганна.
Пры гэтым вельмі важна, якім колерам малюе чалавек. Бо пры працяглай працы пэўнай фарбай пачынае працаваць своеасаблівая арт-тэрапія. Калі чалавек доўга накладвае пэўны колер, ён дае асаблівы настрой.
Як мяркуе сама Ганна, поспех на майстар-класах крыецца ў жаданні творча адысці ад будняў, адвесці для майстар-класа адзін дзень і забыць словы “я не ўмею маляваць” ці “я баюся зробіць штосьці не тое”.
— Творчыя здольнасці ёсць ва ўсіх, і кожнаму чалавеку папросту патрэбна практыка. Некаторыя нават не спрабавалі маляваць, а ўжо думаюць, што не змогуць зрабіць гэта прыгожа. Разам з тым мне хочацца паказаць, што мастацтва – яно блізкае да людзей, што ўсе высокія матэрыі насамрэч не такія далёкія, — гаворыць яна.
Дарэчы, менавіта ў гэтым заключаецца сэнс поп-арту як мастацкага кірунку. Ганна тлумачыць, што такой філасофіі трымаўся сам пачынальнік кірунку Эндзі Уорхал, і для яго малюнак з банкай супа і партрэт брытанскай каралевы былі роўназначнымі аб’ектамі, аднолькава годнымі для ўвасаблення ў мастацтве.
Зрэшты, тое мастацтва, якое з’яўляецца на майстар-класах Ганны, нельга назваць мастацтвам у высокім сэнсе. Гэта, хутчэй, мастацтва ў асобна ўзятай кватэры – калі чалавек малюе партрэт мужа ці дзіцяці і вешае яго ў сваім доме. Галоўнае тут – задавальненне ад таго, што ты змог зрабіць сапраўдны мастацкі твор ўласнымі рукамі!
— Часта не даюць веры – як я мог гэта намаляваць? Але ўсе вяртаюцца да дому з паўнавартаснымі гатовымі працамі, — падсумоўвае ілюстратар.
Пакуль што 100 працэнтаў наведвальнікаў – гэта дзяўчыны. Дзіўна, што хлопцы таксама запісваюцца, але як толькі даходзіць да справы, яны адразу знаходзяць прычыны не прыйсці.
Таму калектыў на мерапрыемствах Ганны – чыста жаночы. Прычым вельмі розны паводле ўзросту. Адна жанчына нядаўна малявала партрэт унучкі, а іншыя толькі скончылі школу…
— Чаму так стаецца? Жанчыны, як мне здаецца, больш адкрытыя на змены і творчасць, — тлумачыць Ганна. — І незалежна ад прафесіі, яны больш творчыя асобы. Жанчынам сапраўды ўласціва штосьці ствараць. Яна можа не мець мастацкай адукацыі, але ўсё адно ёй будзе хацецца штосьці зрабіць, пацешыць родных, зрабіць ім падарунак.
Для мастачкі жа майстар-класы – выдатная нагода навучыць людзей такім нескладаным для яе рэчам і бачыць, які каласальны водгук яны знаходзяць у сэрцах “вучняў”.
— Гэта своеасаблівы абмен эгнергіямі, і гэта вельмі-вельмі здорава! – прызнаецца Ганна. — Адразу ўсведамляеш, што дзень сапраўды пражыты недарэмна.
У перспектыве Ганна бачыць новыя майстар-класы, напрыклад, асобныя заняткі па апрацоўцы здымкаў, каб людзі пасля майстар-класаў маглі працягваць маляваць без чужой дапамогі.
— Ужо запісваем жадаючых наведаць майстар-класы ў снежні. Паколькі надыходзяць святы, то яны будуць мець больш калядны і навагодні характар, — дзеліцца планамі ілюстратар. — А ў будучыні, мяркую, буду рабіць штосьці для творчых людзей, для развіцця іх здольнасцей. І не толькі для дарослых, але і для дзетках. Пакуль магу сказаць, што гэта даволі складана, бо малым патрэбна ўвага, і на месцы сядзець яны працяглы час не могуць.
Цяпер я толькі ў пачатку дарогі, але водгук ад брэстаўчанаў ужо вельмі добры.
Тэкст: Арцём КАЛАШНІК
Фота з архіву Ганны Яцкевіч