“Вашыя касцёлы – найбольш каштоўныя для мяне”
За плячыма гэтага чалавека не адзін горад. Александрыя Егіпецкая, Патсдам, Талін, Рыга, Варшава і Кракаў… На пачатку 90-х да спісу “працоўных месц” архітэктара дадаюцца беларускія мясціны – Мінск, Пінск, Воўчын. І паўсюль пасля сябе Віктар Вільк пакідае толькі прыгажосць. Аб тым, як майстру працуецца ў нашай краіне, LITARY пагутарылі з самім архітэктарам.
— Спадар Віктар, раскажыце, калі ласка, як лёс прывеў вас у Беларусь.
— Усё пачалося ў 1993 годзе. Пасля заканчэння архітэктурнага факультэта Кракаўскай палітэхнікі я падтрымліваў сувязь з прафесарам Тамашам Зінам, з якім сябраваў і Казімір Свёнтэк – беларускі рымска-каталіцкі біскуп, які ў 1994-м стаў першым кардыналам з вашай краіны. З атрыманнем незалежнасці ў Беларусі пачалі ўзнаўляцца структуры Каталіцкага Касцёла і, адпаведна, вярталіся будынкі. Узнікла патрэба рэстаўрацыі мінскага катэдральнага касцёла, і Казіміру Свёнтэку параілі мяне і маю фірму ў якасці спецыялістаў. У параўнанні з прапановай расійскіх калег наша гатоўнасць скончыць рэстаўрацыю за чатыры гады і з меншымі выдаткамі падалася біскупу больш прывабнай. Так я пачаў працу ў Беларусі, і працягваецца яна ажно да сёння.
— Што было пасля мінскай катэдры?
— Іншая сталіца – палеская, горад Пінск. Там Казімір Свёнтэк меў намер аднавіць не толькі касцёл, які сёння з’яўляецца цэнтрам Пінскай рымска-каталіцкай дыяцэзіі. У планах кардынала была таксама рэканструкцыя карпусоў былога кляштара францысканцаў, дзе да нямецкай акупацыі размяшчалася Вышэйшая духоўная семінарыя імя святога Тамаша Аквінскага. Усім вядома, што гісторыя паўтараецца. Так і Казімір Свёнтэк, які гэтую семінарыю ў 1939-м скончыў, праз 62 гады стаў яе першым рэктарам пасля аднаўлення дзейнасці ва ўжо незалежнай Беларусі.
— Праца ў Пінску скончылася ў 2001-м, чаму рэстаўрацыю ў Воўчыне не пачыналі так доўга?
— Бо толькі праз шэсць год касцёл Найсвяцейшай Тройцы перадалі ва ўласнасць Пінскай дыяцэзіі. Яшчэ год спатрэбіўся для таго, каб завяршыць падрыхтоўчы этап да рэстаўрацыі. Толькі ў 2009-м пачалася насамрэч сур’ёзная праца.
— Што больш за ўсё вас уразіла ў Воўчыне?
— Жахлівы стан касцёла. За савецкімі часамі ў ім быў склад угнаенняў і ядахімікатаў, якія літаральна з’елі сцены з сярэдзіны. Ва ўсёй Еўропе такіх помнікаў архітэктуры толькі два – у Дрэздэне і Італіі. А ў Воўчыне ён стаяў без даху, закінуты.
— А на чым палягае яго ўнікальнасць?
— Гэта адзін з выдатнейшых узораў паркавай сакральнай архітэктуры позняга барока. У воўчынскім касцёле эстэтыка гэтага стылю дасягнула свайго апафеозу. Нідзе больш магнатэрыя і шляхта не назірала за Імшой (літургіяй – нат. аўтара) з лож – такіх самых, як у тэатры. Больш за тое, касцёл быў родавам і дамовым, што таксама адрознівае яго ад астатніх.
— Падчас рэстаўрацыі знайшлі што-небудзь сенсацыйнае?
— У скляпеннях натыкнуліся толькі на пахаванне Антонія Чартарыйскага. Што да рэштак апошняга караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага – гэта вельмі цёмная гісторыя.
Аднойчы кардыналу Казіміру Свёнтэку патэлефанавалі і за дзве тысячі даляраў прапанавалі вядро каралеўскіх костак. Ён, вядома, не ўспрыняў званок сур’ёзна. Бо даследчыкі да сёння дакладна не ведаюць, дзе пахаваны кароль. А тут – вядро костак…
Вельмі спадзяваліся, што адшукаем капсулу “фундаторову”, але надзея не спраўдзілася. Відаць, нас апярэдзілі. Па вялікім рахунку, нічога асаблівага рэстаўратараў тут не чакала, бо касцёл быў у заняпадзе, а значыць, сюды кожны меў доступ і мог рабіць што ўздумаецца. Дарэчы, шмат знаходак звязана менавіта з разбурэннем: гэта кулі ў ваконных рамах, і ляпніне, падрэзаныя балты на вежы, каб яна хутчэй абрынулася…
— Вы рэстаўруеце касцёл ужо пяты год, ці не шкодзяць яму такія працяглыя працы?
— Наадварот, нават дапамагаюць. Я не лічу, што гэта страчаны час, бо на працягу некалькіх гадоў мы давалі сценам высахнуць як мае быць. За гэты час на паветры стала менш і хімікатаў. Бо раней, калі чалавек трапляў у храм, ён адразу мог заўважыць, што тут цяжкая атмасфера, складана дыхаць. Цяпер гэтага няма.
— Зразумела, што касцёл у Воўчыне – не самы вялікі аб’ект, на якім вы працавалі. Увогуле, які з праектаў па ўсім свеце вам найбольш дарагі?
— Для мяне самыя каштоўныя – Мінск, Пінск і Воўчын. Таму што гэтыя праекты я рабіў сам ад пачатку і да канца. Калі раней у маёй адказнасці былі толькі пэўныя часткі працы, то ў Беларусі ад мяне залежыў лёс вельмі важных і вельмі каштоўных помнікаў архітэктуры і, што больш важна, гісторыі.
— Воўчынская святыня, вядома, будзе прыцягваць людзей. А як зрабіць мястэчка яшчэ больш прывабным у турыстычным сэнсе?
— Калі б я быў больш маладым, я бы заснаваў фонд і аднавіў усю урбаністычную структуру мястэчка – палац Чартарыйскіх, водныя каналы, паркі, цэрквы, сінагогу. Карацей, заклаў бы тут вялікі турыстычны цэнтр. І касцёл тады б яшчэ больш уражваў!