Krja-krja life style
«Важный гусь» – менавіта так называецца марка, пад якой Ганна Радзько і Сяргей Хамічук ўжо выпускаюць паштоўкі і торбы. У хуткім часе лінейка вырабаў папоўніцца майкамі і талстоўкамі.
LITARY пагутарылі з маладымі творцамі аб тым, як зрабіць беларускае папулярным, чаму сваё не горш за чужое і чым брэстаўчане пацешаць замежных гасцей напярэдадні Чэмпіянату свету па хакеі.
Сярод брэстаўчанаў ілюстратара Ганну ведаюць па паездцы ў экспедыцыю з Арцеміем Лебедзевым, нядаўніх малюнках на плоце ўздоўж аўтадарогі, а таксама ў адной з залаў абласной бібліятэкі. Сяргей у творчым тандэме адказвае не толькі за мастацкія, але таксама за маркетынгавыя і грашовыя справы. Старт брэнду інакш як паспяховым назваць нельга: у шмат якіх гарадскіх крамах паштоўкі аўтарства Ганны ведаюць і любяць. І што больш важна, амаль усе яны зроблены па-беларуску.
— Звярніце ўвагу, як шмат прадукцыі на англійскай мове. Яна лаканічная, ёмістая, а калі надпіс зроблены цікавым шрыфтом, становіцца няважна, што на рэчы напісана, бо ўсё адно яе будзе прыемна насіць, — гаворыць Ганна. — У дзяцінстве ў мяне была майка з надпісам RAPIS. Зразумела, што гэта была няправільна напісаная назва французскай сталіцы, але мне падабалася, бо лацінскія літары выдавалі замежнае паходжанне адзення.
— Сёння гэтая тэндэнцыя жыве: нават тыя швейнікі, што працуюць у Брэсце, свядома робяць адзенне больш заходнім за кошт лацінкі, — працягвае Сяргей. — Пры пакупцы рэчаў шмат хто арыентуецца менавіта такім чынам: калі яна «заходняя», значыць, добрая і якасная, і зусім няважна, што і як на ёй напісана, з якіх матэрыялаў яна зроблена.
— Але ж беларускі змест, літары нашага алфавіту кладуцца ў сучасную, модную, трэндавую форму не горш за астатнія.
Таму, каб прыцягнуць увагу да беларускага, мы перш за ўсё арыентуемся на якасць і прыемны знешні выгляд. Так ці інакш, спажывец аддае перавагу таму, пад што ўжо «заточана» вока. І калі рэч будзе моднай, чаму б не перайсці на сваё, роднае? – пытаецца Ганна. — Да беларускасці ў сваім прадукце я прыйшла не адразу, але адразу ўсведаміла: калі я нарадзілася тут, то тут і прыдадуся, і буду рабіць сапраўды крутыя рэчы на роднай мове.
Пакуль што нават у тых кропках, дзе можна знайсці паштоўкі Ганны, да новых торбаў ставяцца насцярожана. У адной з крам дзяўчыне сказалі наўпрост: «А чаму па-беларуску? Давайце па-англійску – лепш разыдзецца!» Што праўда, адыходзіць ад задумы ілюстратар не збіраецца. Больше за тое – хутка ў Брэсце і іншых гарадах з’явяцца майкі і талстоўкі з цікавымі прынтамі.
— Паглядзіце, якіх мужчын сёння ў свеце лічуць модным – тых, хто мае вялікую густую бараду, — тлумачыць Сяргей. – Барада цяпер – галоўны «хіпстарскі» трэнд. Таму мы вырашылі схапіць яго і падаць у сучаснай стылістыцы.
На нашых майках і байках будуць выявы славутых барадатых беларусаў мінуўшчыны – Мікалая Радзівіла Чорнага, напрыклад.
Большая частка людзей – візуалы, і калі Беларусь і ўсё беларускае ў іх будзе асацыявацца з прыгожым малюнкам, гэта будзе наш поспех. Што можа быць прасцей, чым прывучыць людзей да свайго, проста прапаноўваючы ім якасны прадукт?
На стварэнне ўласнага прадукту яна адбіраюць толькі якасныя матэрыялы кшталту джынсу з падкладкай і натуральнай скуры. Для паштовак маладыя людзі шукаюць незвычайную паперу і патрабавальна ставяцца да друку.
Хто будзе займацца пашывам маек і талстовак, Ганна і Сяргей пакуль не вырашылі. Але дакладна ведаюць: трэба зрабіць так, каб «Важный гусь» быў не толькі прыгожым, прыдатным для сувеніра ці падарунка, але і практычным.
— «Пылазборнікаў» у нас не будзе.
Калі чалавек купляе ці атрымлівае нашу торбу ў падарунак, няхай ён карыстаецца ёй штодзень у краме. Калі носіць майку, то няхай яна паслужыць яму доўга, а не адправіцца на дачу пасля першага прання, — тлумачыць Сяргей.
Напярэдадні Чемпіянату свету па хакеі ў маі 2014-га году таленавітыя брэстаўчане плануюць здзівіць гасцей спаборніцтва чымсьці цікавым. Паводле слоў Ганны, лінейка тэматычных сувеніраў абавязкова будзе, але пакуль іх фармат трымаецца ў сакрэце.
— Гэта абавязкова будзе нешта карыснае, можа, штосьці са сцёбам. Ва ўсялякім разе зробім тое, што застанецца ў памяці турыстаў і дапаможа зразумець: Беларусь – гэта крута, — дзеляцца яны планамі.
Хутчэй за ўсё, праца на карысць іміджу Беларусі гэтым не скончыцца. У Ганны ёсць вялікая мара – стварыць такую айдэнтыку (ад англійскага identic – тое, па чым можна пазнаць тую ці іншую краіну), якая б казала сама за сябе.
— Чаму наша краіна не можа стаць такім жа жаданым месцам, як Ніцца ці Венецыя? Трэба толькі расказаць людзям пра нас, прычым на даступнай для іх і сучаснай мове, — тлумачыць яна.
Першы крок у гэтым напрамку зроблены. Па якасці паштовак і торбаў можна сказаць: час, калі мары Ганны і Сяргея змогуць спраўдзіцца, ужо не за гарамі.