Без адрыву ад каранёў
Як культурная ўстанова дапамагае брэстаўчанам людзьмі звацца
Здаецца, у Брэсце шмат хто ведае Юру Сальнікава. З’явіўся ён некалькі год таму нібы з неадкуль і пачаў чытаць вершы на Савецкай. Вершы беларускія. Асабліва помніцца “Раздача бяздомных жывёл” Таццяны Дзям’янавай.
“Раздача бяздомных жывёл”.
Вы чулі? Чыталі пра гэта?
А добра, каб хтосьці правёў
Раздачу бяздомных паэтаў.Мо нехта мяне бы абраў,
Аблашчыў, прывёўшы дахаты,
У куточку мне коўдру паклаў,
Наліў у кармушку гарбаты.Я б вершы яму прысвячаў,
Спяваў дыфірамбы ды песні,
Заўжды на парозе страчаў –
І нам не было б разам цесна.Але – гэта проста бяда –
Паэтаў ніхто не заводзіць.
Сабаку бяруць ці ката,
Паэты ж нічыйныя ходзяць.
Далей быў “Зюзя Club” для аматараў этнакультуры, вясёлыя адрыўныя вечарыны пад старажытную музыку, рэканструкцыя абрадаў і свят нашых продкаў.
І вось зараз — “Грунтоўня”, дзе Юра з’яўляецца дырэктарам і натхняльнікам, хоць і адводзіць сабе сціплую ролю загадчыка паперавымі пытаннямі. А яшчэ Сальнікаў піша дысертацыю па псіхалогіі. Адным словам — імкнецца змяніць свет.
— Юра, чаму цябе так турбуе культура?
— Мяне турбуе не проста культура, а беларускамоўнае культурнае жыццё. У нас праводзіцца шмат розных мерапрыемстваў, але мала тых, што прасоўваюць беларускую культуру.
Мы пачалі адрывацца ад сваіх каранёў.
Я заўжды захапляўся народнымі традыцыямі, але яны добра захаваліся толькі ў сялянскай прасторы. І ўзнікла ідэя адаптаваць гэтую культуру, каб кожны змог да яе дакрануцца. Не ехаць у вёску да бабулі і танчыць там на вяселлі нейкія незнаёмыя танцы пад незнаёмыя песні, а паспрабаваць гэта ўсё ў гарадской прасторы.
Гэта, ведаеш, як у навукоўцаў: чалавек пачынае распрацоўваць навуковую праблему, калі яна тычыцца яго. Так атрымалась і ў мяне. Мне не хапала беларускамоўнага асяроддзя, вакол сабралася невялічкая колькасць аднадумцаў, потым яшчэ трошкі, а потым мы падумалі: “Давайце заявім пра сябе, і, можа, яшчэ хтосьці прыйдзе”.
— Чаканні, якія былі ў цябе, калі задумваў стварыць культурную ўстанову, спраўдзіліся?
— Па большай частцы. Па-першае, мне было цікава пабачыць тую тусоўку, якая зацікавіцца. Гэта розныя людзі. У асноўным, вядома, моладзь. Чаму?
Мне здаецца, што папулярная культура ўжо ўсім намазоліла вочы. І людзям хочацца нечага такога, каб быць не ў трэндзе, а быць трохі іншымі.
Людзі з розных мясцін, розных прафесій, хтосьці размаўляе па-беларуску, хтосьці не. Да нас прыходзілі азербайджанцы, расіяне, французы.
Калі мы папрацавалі недзе год, з’явілась думка, што мы не рэканструктары, а, хутчэй, папулярызатары. Праз сучасныя сродкі мы спрабуем данесці да людзей старажытныя цікавасці.
— А навошта сучаснаму беларусу іх ведаць?
— Нашыя продкі не былі дурнымі людьмі.
Яны даследавалі жыццё, і падчас гэтага з’яўляліся абрады і традыцыі. Напрыклад, на свяце гукання вясны большасць гульняў звязаны з фізічнымі нагрузкамі. То бок людзі гулялі і фізічна развівалісь. І не толькі фізічна, але і ментальна. У традыцыях усё арганічна ўплецена адно ў адно. І мы можам узяць гэты досвед, які быў у нашых продкаў, адаптаваўшы яго пад сучаснасць, мы проста станем лепей.
— Чаму ж у нас няшмат культурных устаноў і арганізацый?
— Ёсць піраміда патрэбаў, і, пакуль чалавек не сыты і не ўпэўнены ў наступным дні, ён не будзе самарэалізоўвацца.
Я сам зараз у такім стане апынуўся, што часам трэба думаць аб тым, дзе зарабіць грошы, а толькі потым — як сябе рэалізаваць. Праз гэта шмат хто не раскрываецца — проста няма калі.
— Культура ўплывае на грамадства і грамадства ўплывае на культуру. Пакуль ты не сыты, ты не будзеш рэалізоўвацца, пакуль не самарэалізоўваешся, наш узровень культуры будзе невядома дзе. А з іншала боку, паглядзі, з якім аншлагам праходзяць вечарыны ў клубах, дзе дзяўчаты з голымі грудзямі: ёсць людзі, якім цікава такая, скажам, культура.
— Гэта нейкая рэакцыя на сучасны стан грамадства. Людзі былі вельмі замкутыя, ды і зараз псіхалагічна кожны зачынены ў сабе, і таму яны хочуць вырвацца, паказаць ці паглядзець на гэта. Самае цікавае, што і так можна ўплываць на людзей. Калі падлетку хочацца глядзець на сіські, ён будзе глядзець — у клубе ці дома. А праз гэта можна падаць іншую культуру: калісьці мастакі малявалі голых дзяўчат і гэта не было нечым пошлым.
— А вы супрацоўнічаеце з уладамі?
— Так, і не бачу нічога дрэннага ў гэтым. Горад — прастора агульная, тут ёсць і дзяржаўныя, і недзяржаўныя ўстановы. Для мяне гэта паказчык — калі цябе запрашаюць да ўдзелу ў мерапрыемствах высокага ўзроўню. Мы працавалі з гарадской адміністрацыяй, калі ладзілі танцы на Савецкай, удзельнічалі ў гарадскіх Калядах, супрацоўнічалі з універсітэтамі, школамі, садкамі. Гэта цікавы досвед, і такім чынам можна далучыцца да рэфармавання горада, у якім жывеш. А рабіць усё з падпалы — так гэта і застанецца там.
З уладамі можна працаваць, калі няма ніякіх шэрых ці чорных схем фінансавання, таму зараз мы шукаем спонсараў, мецэнатаў, якія падтрымаюць нас. Дарэчы, нам шмат не трэба. Людзі працуюць без заробку, але патрэбна, напрыклад, плаціць немалыя грошы за арэнду офіса.
— Як вы выжываеце фінансава?
— Любая грамадская праца адсоткаў на 80 — валанцёрская. Ёсць нейкія плюшкі, файныя рэчы, а заробак адсутнічае. Мы самі ўкладаем свае грошы, але зараз сітуацыя складаная, таму ўзнікае пытанне фінансавання. І выйсце — ахвяраванні.
— Што можа даць сяброўства з “Грунтоўняй”?
— Па-першае, момант рэалізацыі. Калі ты рэалізуеш сваю задуму, ты пракачваешся. Па-другое, можна вучыцца. Для сваіх сяброў мы ладзім адукацыйныя курсы, зараз плануем старт школкі маладога лідэра. Па-трэцяе, культурны турызм — калі ты займаешся, цябе пачынаюць заўважаць і запрашаць на розныя мерапрыемствы, у тым ліку за мяжу. Таксама можна пазнаёміцца з людзьмі, якія прыязджаюць да нас.
“Грунтоўня” стваралася не як альтэрнатыўная, а хутчэй як дадатковая пляцоўка для сустрэч.
То бок гэта пашырэнне сацыяльных кантактаў. І хто ведае, кім хто стане праз дзесяць год!
— А якая павінна быць беларуская культура праз дзесяць год? Чаго б хацелася?
— Культура трансфармуецца, таму яна павінна быль эклектычнай, убіраць у сябе ўсё лепшае. Павінны быць наладжаны культурны дыялог — і ўнутраны (паміж дзяржаўнымі, недзяржаўнымі і камерцыйнымі ўстановамі, паміж гарадамі), і знешні (дыялог паміж рознымі нацыянальнымі культурамі).
Мы жывем у інтэграваным грамадстве: няма тых зачыненых межаў, што былі раней. Але людзі павінны быць больш адказнымі за тое, што пераймаюць: не ўсё карыснае, што прыходзіць да нас.
У той жа час павінен быць грунт і падмурак свой, прыватны, на якім жылі нашыя продкі.
Насенне пераносіцца з месца на месца, а зямля застаецца адна і тая ж.
Літары прапануюць чытачам падтрымаць культурны цэнтр «Грунтоўня». Далучайцеся да працы, ладзьце мерапрыемствы
ці проста ахвяруйце, колькі лічыце патрэбным
Получатель платежа: Культурно-просветительское учреждение «Грунт будущего» (можно просто Учреждение), УНП 291339965
Банк получатель: р/с 3015422081639, ф-л № 100,
БОУ ОАО «АСБ Беларусбанк», МФО 150501246
Назначение платежа: Пожертвование на содержание офиса
Палепшым культуру разам!
Фота: суполкі Грунтоўня, Мова Нанова,
Вадзім Якубёнак, Максім Лушчай