Музычная паўза
Падрыхтаваў Зміцер Босак
Фота: budzma.org, Зміцер Босак
Апошнія некалькі год колькасць рок-канцэртаў у Брэсце непазбежна змяншалася. І вось дасягнула крытычнай адзнакі. Амаль усё лета, акрамя Дня моладзі ды Дня горада, Брэст быў глухі і нямы. Зрэшты, брэсцкія рок-гурты спрабуюць неяк працягваць свае «падземнае» жыццё не гледзячы на адсутнасць канцэртаў. LITARY даведалісь, як ідуць справы ў брэсцкага музычнага андэграўнда і пагутарылі аб гэтым і многім іншым з арганізатарам Men’s Fest і шматлікіх рок-канцэртаў Зміцерам Назаравым.
Пра арганізацыю канцэртаў: «Няма пляцовак, а тыя, што ёсць, не вельмі прыстасаваныя для «жывагі»»
– Канцэртаў становіцца ўсё меней, і гэта будзе працягвацца. Тут складаная сітуацыя, у Брэсце дык дакладна. Няма пляцовак, а тыя, што ёсць, не вельмі прыстасаваныя для «жывагі» і не надта зацікаўленыя ў ёй. Адсюль вынікаюць вялікія выдаткі на арганізацыю канцэртаў, якія ў большасці сваёй не акупаюцца. Падтрымкі рок-музыкам чакаць няма адкуль. Яны нікому не патрэбны. Ведаеце, у нас у горадзе вялікая колькасць гуртоў з досыць высокім узроўнем, і што? Музыканты заходзяць у сваеасаблівы тупік у нашай краіне і пакутваюць ад гэтага. Няма ў нас індустрыіі шоў-біза, як, напрыклад, у суседняй Украіне.
Вы паглядзіце колькі фэстаў летам там! І якой узровень! Адзін Львоў за лета прымае столькі фэстаў, колькі ў Брэсце не было з часоў яго заснавання. Сапраўды «печалька», што мясцовым уладам да гэтага няма справы. На гэтым можна зарабляць, рабіць рэкламу беларускім калектывам, рабіць рэкламу гораду і прыцягваць турыстаў, якія будуць траціць тут грошы. А ў нас, колькі сябе памятаю, усё па накатанай. Я ужо і не хаджу на гарадскія святы, таму што з года ў год адное і тое ж.
Выдаткоўваюць вялікія грошы на артыстаў, якія не каштуюць і палову гэтай лічбы. Напрыклад, «Без білета» – яны госці ўсіх гарадскіх святаў у краіне, а на сольны канцэрт збіраюць меней за зорак андэграунда Akute.
Да і зорак сваіх ва Украіне колькі? Вельмі моцная музычная сцэна, бо ёсць індустрыя. Радыё круціць сваіх, там не кажуць сваім гуртам, што яны «не фармат», а тэлебачанне не ідзе ні ў якое параўнанне з нашым – разрыў у 40 год, як мінімум. Колькі шоў: «Ікс фактар», «Украіна мае талант», «Голас Украіны» і г.д.
Нам з «Сьцяной» пашанцавала выступіць на буйным рок-фэсце Ўкраіны – «Найкраще місто UA» у Днепрапятроўску. Там пры падтрымцы губернатара ладзіцца трохдзённы фэст, які збірае па 70 000 чалавек і запрашае міравых зорак.
Пра развіццё рок-гуртоў: «Музычная супольнасць Брэста варыцца ў сваім саку»
– Андэграўнд развіваецца, гурты рэпетуюць, выдаткоўваюць свае грошы на запісы, спрабуюць недзе выступаць, але гэта ўсё на ўзроўні альтруізма.
«Дай дарогу!» – малайцы. Гэта сапраўдныя зоркі Беларусі, якія збіраюць залы па ўсёй краіне. Нажаль гэта адзіны паспяховы гурт у нашым горадзе, які таксама ігнаруецца на афіцыйным узроўні.
Музычная супольнасць Брэста варыцца ў сваім саку. Некаторыя нешта пішуць, па магчымасці выязджаюць на нейкія канцэрты, але гэта наўрад ці можна назваць развіццём. Тэндэнцый да развіцця і паспяховасці альтэрнатыўнай музыкі ў Брэсце пакуль няма.
Пра наведвальнікаў фэстаў і Men’s Fest: «На канцэрты людзі ходзяць вельмі неахвотна»
– На мой погляд, а ён заўжды суб’ектыўны, на канцэрты людзі ходзяць вельмі неахвотна. Што датычыцца Men’s Fest, дык тут таксама цяжка сказаць, ён спрыяе развіццю ці не … Тое, што звярне ўвагу на якасныя гурты, – гэта дакладна. У гэтым годзе будзе лайтовы спіс гуртоў, але яны вельмі прафесійныя і цікавыя. Тыя, хто прыйдзе, будуць 100% задаволеныя.
Фэст больш-менш вядомы ў Брэсце і выклікае цікавасць і ў нашых украінскіх ды польскіх сяброў.
Мне хочацца, каб фэст заўжды асацыяваўся з якаснай беларускай музыкай. І мы на гэта працуем. Час пакажа. Вера павінна быць заўсёды. Шкада, што публіка становіцца вельмі абыякавая да сваяго…
Akute в Бресте, 26 красавіка, 2013
Пра стаўленне ўлады: «Да такіх, як я, ставяцца з засцярогай і недаверам»
– Ведаеце, каб наш горад стаў цікавым культурніцкім цэнтрам Беларусі, мала такіх вось людзей, як я і мая каманда. Патрэбна іншае стаўленне мясцовай ўлады. У нас з года ў год нічога цікавага не адбываецца. Лета – а што ў нас у горадзе? Паглядзіце праграму культурніцкіх падзей Львова на лета, і ўсё стане зразумела. Каб Velcom ці МТС не спрыялі і не ўнікалі ў арганізацыю, не запрашалі самі артыстаў, цікава было б пабачыць наш Дзень горада – галоўнае, нажаль, культурніцкае свята лета.
Да такіх, як я, ставяцца з засцярогай і недаверам. Усюды спрабуюць выявіць і пабачыць крамолу. І гэта нагадвае нейкую параною. Але, прасоўваючы беларускае, я ўжо звыкся з гэтым у нашым горадзе.
Пра культурна-музычныя недахопы: «Глядзець на адні ліхтары і чыстату вуліц ніхто не паедзе»
– Ініцыятывы не хапае. Не хапае жадання пазнаёміцца, пабачыць нешта новае, і не апошнюю ролю ў гэтым грае інтэрнэт. Сацыяльныя сеткі – балота для моладзі. Хаця, што рабіць з ініцыятывай у Брэсце, я шчыра кажу: не ведаю. Да каго бегчы, да каго звяртацца?
У Польшчы вельмі часта наведваю культурніцкія гарадскія мерапрыемствы, нават удзельнічаў у арганізацыі. Дык там у арганізацыйны камітэт Дня горада заўсёды ўваходзяць актывісты з горада! Гэта актыўная і крэатыўная моладзь, і іх успрымаюць, іх слухаюць! Чыноўнікі размаўляюць з насельніцтвам горада на сваёй старонцы ў Facebook. Праводзяць кірмаш праектаў, турбуюцца аб тым, каю зрабіць цікавае мерапрыемтсва, не падобнае на мінулае. У нас жа – самі бачыце, як і што. Вынік – нецікава, несучасна і прэсна. Беларусы ўсё болей гатовы плаціць грошы і з’язджаць на фэсты і падзеі культурніцкага плана ў Польшчу, Літву ды Украіну. А ў нас не робіцца нічога, каб прывабіць турыстаў з валютай да нас. Глядзець на адні ліхтары і чыстату вуліц ніхто не паедзе.
Культура паляпшае жыццё, якое няспынна бяжыць наперад. Турбуйцеся за свой унутраны свет – яго палепшыць можаце толькі вы.