Ёсць што помніць, няма што паглядзець
Тэкст і фота: Віктар КЛІМУС
У дыскусіях пра горад заўжды не хапае фактаў і лічбаў. Хтосьці ўпарта даводзіць, што цяперашні Брэст гэта адно толькі зоркі-штыкі-холмская брама. Іншыя сцвярджаюць, што і вобразаў Берасця старажытнага ды сярэднявечнага цалкам дастаткова ў культурным абліччы горада.
27 ліпеня, на Дзень горада, мы вырашылі праверыць усё самі. У гэты дзень Берасце як ніколі напоўнілася культурнымі і гістарычнымі сімваламі сваёй 1000-гадовай гісторыі. Падзелімся асноўнымі высновамі.
Пры больш пільным разглядзе ў вочы кідаецца адразу той факт, што з узгаданай 1000-гадовай гісторыі адназначна дамінуе гісторыя апошніх 70-170 год. Гэта эпоха пасля пабудовы берасцейскай фартэцыі, прымусовага высялення горада за 2 вярсты ад свайго гістарычнага цэнтру, час кардынальных зменаў у жыцці і выглядзе.
Безумоўна, тлумачыцца гэта даволі проста: у горадзе не засталося самых трывалых — архітэктурных помнікаў ранейшых эпох. На іх выпаленых падмурках у 1830-х паўстала Брэсцкая крэпасць. Менавіта яна і займае большую частку цяперашніх гарадскіх дэкарацый, інфармацыйных стэндаў, буклетаў і сувенірных вырабаў. Прыкладна ўдвая па колькасці саступаюць выявы сучаснага горада — ад архітэктурных помнікаў канца 19 — пачатку 20 стагоддзяў да будынкаў, што былі ўзведзены цягам апошняга дзесяцігоддзя (палац спорту «Вікторыя», Вяслярны канал, царква на скрыжаванні Маскоўскай і прашпекта Рэспублікі).
Адзіным прыемным выключэннем з’яўляецца выява Берасця 17 стагоддзя з гравюры Дальберга, якая ўсё больш замацоўвае свае пазіцыі сярод культурных прадуктаў горада. Яе можна пабачыць прыкладна ў чвэрці гандлёвых кропак з сувенірамі на адным-трох вырабах (часцей за ўсё гэта магніты і кубкі). Яшчэ больш выяваў гэтай гравюры на інфармацыйных стэндах і ў гарадскіх дэкарацыях: сёлета канцэртная сцэна на плошчы Леніна, акрамя іншых, была аздоблена і гэтай выявай.
Сумнай выглядае сітуацыя з гістарычнымі асобамі. Не было заўважана ніводнага сувенірнага прадукта з выбітнымі постацямі гісторыі і культуры. Адзіным выключэннем можна назваць хіба што выявы з помнікам тысячагоддзю ці яго фрагментаў, дзе змешчаны скульптуры князёў і гарадскога старасты. Але больш чым у 90% выпадкаў гэтыя асобы застаюцца безыменнымі часткамі ўзгаданага помніка.
У святочным аздабленні сітуацыя з гістарычнымі асобамі выглядае не значна лепш. Персаналіі з сярэднявечнага і старажытнага Берасця можна было пабачыць толькі на персанальнай выставе мясцовага мастака, і тое ў перамежку з расейскімі літаратарамі ды сучаснымі палітычнымі дзеячамі.
Адмысловых інфармацыйных стэндаў, дарэчы, гэтым годам было зусім не шмат – усяго 2 (на скрыжаванні Савецкай і Гогаля, а таксама на Савецкай, насупраць новага бізнэс-цэнтру). Праўда, адзін з іх досыць добра і поўна распавядаў пра ўсю 1000-гадовую гісторыю горада. Шкада, што яго можна пабачыць толькі раз на год, і тое толькі ў адным месцы.
Гарадскі парк, дарэчы, бадай нічым не нагадваў пра свята: намёты з ежай і пітвом ды масавая кітайская біжутэрыя — вось тыповы набор любога гарадскога гуляння без намёкаў на гістарычную нагоду.
Сімвалаў ці рэканструкцый культурных здабыткаў і археалагічных артэфактаў сярод сувенірнай прадукцыі заўважалася таксама катастрафічна мала. Сярод масавых вырабаў іх не было зусім. Сітуацыю ратавалі адзінкі энтузіастаў з уласным хэнд-майдам. Так, толькі ў археалагічным музеі ўдалося знайсці грэбень-лемантар – старэйшую на ўсходнеславянскіх землях азбуку.
І толькі адзін з двух “манетных двароў Берасця” прапаноўваў набыць брацінку – рэканструкцыю манеты, якую рэальна чаканілі ў Берасці ў 17 стагоддзі. Там жа, у адзіным месцы, сярод сувеніраў-наватвораў з зоркай ці гербом можна было прыдбаць і медаль-магніцік у гонар 450-годдзя Берасцейскай Бібліі – унікальнага фаліянта мясцовай, першай на Беларусі друкарні.
Папрацаваўшы яшчэ з матэрыяламі даследавання, можна будзе выдаць больш дакладныя лічбы, але агульную сітуацыю відаць і цяпер. Тэматычная і сюжэтная насычанасць візуальных прадуктаў, асабліва масавых, пакідае жадаць лепшага. Горада катастрафічна не хапае вобразаў і выяваў, старэйшых за апошнія 150 год. У гісторыі старажытнага і сярэднявечнага горада ёсць безліч таго, што варта помніць, але амаль зусім няма таго, што можна паглядзець ці захацелася б забраць дахаты.