o9I4BQSQZ4I

Ёлкі – зёлкі, містыка-дурыстыка

Тэкст, фота: Арцём КІР’ЯНАЎ

Віктар Марціновіч, апавядаючы ў «Сфагнуме» пра русалак і каўтуны на Палессі, не падманваў: на прасторах ад Іванава да Мазыра людзі і сёння вераць у моц забабонаў. Не падманваў ён, і калі апавядаў пра памерлыя напаўпустыя вёскі і ведзьмяроў, што ў іх жывуць. Акунуцца ў свет містыкі і лекавах зёлак можа кожны – дастаткова, не даязджчаючы па аўтамабільнай дарозе да Іванава, звярнуць улева, каб праз 4 кіламетры ўехаць у вёску Стрэльна. Тут падарожнікаў спаткае Музей народнай медыцыны, сёлета пераназваны як «Дом траўніка».

На ганку музея сустракае Галіна Іванаўна Вайцішук у мясцовым палескім строі з хустай на плячах.

– Вельмі рада, што вы прыехалі, – гаворыць яна. – Музей у нас на рэканструкцыі, але толькі на першым паверсе. Экспазіцыя «Бабуліных вышак» на гарышчы ўсё гэтак жа працуе.

Падымаемся пад страху. Перад вачыма паўстаюць шэрагі паліц і выставачных шафак, над якімі па абодвух баках звісаюць пукі зёлак – з агароду, з саду, з поля. Аглядаем прыродныя экспанаты. Галіна Іванаўна дасканала ведае ўсё пра кожную кветку, сцябло і лісцік. Пасля пераходзім у пакой, дзе ля вакна стаіць велічэзны стол – ужо сабраны для госця.

– Вось, калі ласка, гарбатка, – дырэктарка працягвае кубак.

Спрабую. Смак несамавіты – не «Ліптан» дакладна.

– А з чаго ён? – пытаюся.

– Мята, чабор…

– А якія ў яго ўласцівасці?

– Гэта заспакоюваючыя расліны, каб у нас з вамі размова атрымалася спакойная, – смяецца Галіна Іванаўна.

Музей адкрыўся ў 1999 годзе, першапачаткова называўся «Бабуліны вышкі». Нядаўна ўстанову далучылі да Мотальскага музея народнай творчасці, і яна стала ягоным філіялам. Раней у будынку, узведзеным у 60-я на ўзор шляхецкай сядзібкі, месціўся Дом культуры. Колькі год таму ўстанова папала пад тое, што цяпер называецца аптымізацыяй, і была перанесеная ў суседнюю вёску. На вызваленым першым паверсе сёння працягваюцца будаўнічыя працы. Неўзабаве тут паўстане зала для дэгустацыі фіта-гарбаты для некалькіх дзесяткаў турыстаў, а вось камін ужо ёсць, і яго нават можна запаліць.

– Дарэчы, камін мы ўпершыню запалілі спецыяльна для вас, – хваліцца Галіна Іванаўна.

Яшчэ колькі хвілін, і я маю прыступаць да ежы.

Пакуль пачастунак не з’едзены, дырэктарка нават не хоча пачынаць аповед пра сваё захапленне –народную медыцыну.

Нарэшце стравы скончыліся, і можна пераходзіць да галоўнага.

– На першым паверсе такая вялікая зала, турыстаў сапраўды так шмат?

– Я аднойчы праводзіла экскурсію для 45-і навукоўцаў. Вы самі зазірніце ў кнігу водгукаў, там чаго толькі няма.

Насамрэч, водгукі і пажаданні тут з усяго свету: значкі габрэйскіх літар, шмат лацініцы і, вядома, звыклай кірыліцы. Штосьці напісалі нават ад імя ПРААН (Праграма развіцця Арганізацыі аб’яднаных нацый – ад аўтара). Высвятляецца, што нядаўна музей уключылі ў «зялёны маршрут» Іванаўскага раёна і нават праінвеставалі на 25 мільёнаў. За гэтыя грошы дырэктарка змагла нанова аформіць экспазіцыю ды сістэматызаваць пэўныя матэрыялы. Таксама купіла ноўтбук, але пакуль не выкарыстоўвае.

– Ведаеце, з нашай вёсцы паходзіць некалькі дзесяткаў ветэранаў – Вялікай Айчыннай, працы… На жаль, сёння жыве толькі адзін з іх. Вось тут, бачыце, – паказвае фота, – наш старшыня калгасу, без якога музей папросту бы не пачаў працаваць.

Увага перключаецца на наступную папку.

У кожным файле – фота бабулькі з нейкім кароткім дасье.

– А гэта хто?

– О, гэта нашыя бабкі. Па-рознаму іх называюць, але часцей шаптухамі ці вядуннямі, бо «шапталі», – дырэктарка мае на ўвазе не ціхае маўленне, а лячэнне травамі і загаварамі.

Раптам Галіна Іванаўна пачынае нешта незразумела барматаць пад нос. Слоў амаль не разабраць, але там-сям чуюцца імёны святых, нейкія просьбы…

– Я прачытала загавар, каб у вас усё было добра.

– Дзякуй.

Хвіліна няёмкасці хутка мінае, і Галіна Іванаўна ўдакладняе, што ў папцы з бабулямі сабраныя ўсе 30 старушак, што калі-некалі прамышлялі «шаптаннем» в Стрэльна.

– Ведаеце, яно толькі так падаецца, што гэта ўсё лухта. Але, я думаю, вы самі знаеце, што час ад часу малыя дзеткі пужаюцца, і тады ўжо нічога не можа дапамагчы – толькі зняцце «зляку» праз бабку, калі яна «пашэпча». Дый «робляць» тут часта. «Я тобі зроблю» – гэта тое, што ў горадзе называюць «порча», «сглаз». А здараецца, што чалавек і не хоча, а «зробіць» камусьці – вока цяжкое. Вось была ў нас адна бабка, ну такі ў яе позірк быў! Прыехаў мужык з горада, яна яго толькі вачыма правяла, калі ён з’язджаў, і што вы думаеце? Праехаў Мінск, а ў яго машына зламалася, і начлег яны з сям’ёй не адшукалі. Вось так.

Паверыць цяжка, але ўзгадваю, што ўласны прадзед з палескай вёсачкі нешта такое ўмеў і нават перадаў бабулі рэцэпт, як лячыць «рожу» – скураную інфекцыю. Трэба скатаць шарыкі са льну і падпаліць.

– Менавіта так у нашай вёсцы яе і лячылі, – гаворыць Галіна Іванаўна.

– Адна жанчына да доктара пайшла, а ён кажа, вы, маўляў, лепш да бабкі пайдзіце, бо ад лекаў будзе дольш праходзіць.

Містыка ў музеі на гэтым не заканчваецца. Праходзім у другі пакой. Па перыметры вісяць паперчыны з забабонамі: што можна і што нельга рабіць цяжарнай жанчыне, як абараніць дзіця ад злых сіл, як будаваць хату і шмат што іншае. Дарэчы, народныя прыкметы тут сабраныя ў асобную папку.

Вяртаемся ў пакойчык са сталом.

На ім ужо — добрая порцыя настойкі на яшчэ нейкіх зёлах.

Не бачу сэнсу пытацца, што за яны – проста нагбом праглынаю зеленаватую вадкасць. Менш ведаеш – лепей спіш.

Што цікава, у вёсцы ёсць свая добрая старажытная праваслаўная царква, калісьці збудаваная як уніяцкая. Дый, як сцвярджае Галіна Іванаўна, усе «шаптухі» спраўна хадзілі ў святыню, а ў загаварах заўсёды маліліся да Бога і святых.

– Наведванне ў нас, я мяркую, някепскае, — дзеліцца думкамі Алена, жанчына год 40, памочніца дырэктаркі музея, паказваючы старасвецкі будынак традыцыйнага для Палесся блакітнага колеру. – Але людзей стаецца менш, бо ў буйным сяле непадалёк будуюць новы цагляны храм.

«Аптымізацыя» забрала ў вёскі не толькі Дом культуры, але таксама і сярэднюю школу – застаецца толькі пачатковая.

– Дзякуй Богу, садок нам пакінулі, а вось старэйшыя вучні будуць катацца трошкі далей, – шкадуе Алена.

У самой жанчыны таксама малая дачка ад першага і апошняга шлюбу. З гутаркі дазнаюся, што гісторыя жыцця Алены – вельмі тыповая для вёскі: адвучылася ў горадзе, вярнулася дадому, выйшла за мясцовага, асабістае жыццё не заладзілася, развод і выхаванне дзіцяці ў адзіноце.

Яшчэ трошкі пагаманіўшы на скрыжаванні ў канцы вёскі ў чаканні аўтобуса, развітваемся з Аленай.

– Білет недарагі, тысяч шэсць хіба да Янава.

Спрацаванай рукой маша яна ўслед, стомленымі вачыма глядзіць у пыл, які падымае машына на грунтовай дарозе.

Добра, калі зёлкамі лечыцца скура, асабліва калі не забывацца на традыцыйную медыцыну. Але за сваю душу мы адказываем самі. І для яе «шаптанне» зусім не лекі, бо зло вяртаецца ў адказ на зло, дабро ж прыходзіць толькі праз дабро.