Моўная рэвалюцыя

Як стаць беларусам, распавядае саліст гурту HURMA Мікіта Найдзёнаў

Тэкст: Марта МАРТЫНЮК
Фота з архіву Мікіты Найдзёнава

З Мікітам мы сустракаемся ў яго альма-матар – на журфаку БДУ. Навучанне на журналіста не адзінае, што нас аб’дноўвае. Мы абодва родам са сталіцы Палесся Пінска. Я Мікіту ведаю даўно, як рускамоўнага паэта. Цяпер ён – фронтмэн беларускамоўнага гурту HURMA, што хутка набірае папулярнасць.

– Я запомніла цябе на Кубку паэзіі падчас Дзён беларускай і шведскай літаратуры ў Пінску. І цяпер не забыла твой верш:

А ты по
На вокза
Перед по
Я сказа
На проща
Я
Те
Лю
Очень си…

Тая асоба – хлопчык, які мяне здзівіў сваёй незвычайнасцю і вершам на рускай мове. А цяпер ты вакаліст беларускамоўнага гурту, вядучы беларускага радыё. Што здарылася?

– Прайшло досыць часу. Я пераехаў у Мінск, паступіў у БДУ на журфак, папаў у іншае асяроддзе. Першы, хто на мяне ўплываў, мой сябр Макс Зайцаў, журналіст і мой сусед. Мы з ім неяк спрачаліся, я казаў: “Макс, у мяне расейскае прозвішча, бацька мой быў расеец, што ты хочаш? Якая беларуская?” А ён кажа: “Ды не! Ты паслухай, як ты гаворыш па-руску!” Меў на ўвазе беларускае вымаўленне, хоць у мяне была досыць добрая руская мова. І вось ён пачаў кідаць такія зярняты. Тым больш, падчас Дзён беларускай і шведскай літаратуры я пазнаёміўся з цікавымі беларускімі асобамі: Леанідам Дранько-Майсюком, Уладзімірам Някляевым. Гэты быў такі першы беларускамоўны штуршок. Потым я стаў слухаць беларускія песні, чытаць вершы. Я менавіта па вершах беларускую вучыў. І так адно за адным… У адзін цудоўны дзень пачаў размаўляць на мове.

Атрымалася, што з трэццяга курсу я пішу толькі па-беларуску. У творчасці я цалкам беларускі. У жыцці магу час ад часу і па-руску, і па-беларуску, розныя ўмовы бываюць, а мова творчасці для мяне – белауская, мова высокіх думак, нечага сур’езнага. Па-беларуску мне нашмат прасцей размаўляць са сцэны, на радыё. Ну настолькі добра я сябе адчуваю, калі размаўляю па-беларуску!

– А думаешь таксама на беларускай?

– Калі размаўляю на ёй, то і думаю на ёй. Мы жывем ва ўмовах блінгвізму, таму я магу і так, і так. Але з цягам часу я зразумеў, што беларуская мова багацейшая, ва ўсякім разе, сваімі рэсурсамі. Яна, магчыма, не настолькі разбэшчаная, як руская мова. У нас няма ніякай брыдоты, слэнгу. Мова дастаткова чыстая, але разам з тым класна было б дадаць нечага размоўнага. Сярод моладзі і зараз ёсць некаторыя такія словы. Напрыклад, не “патэлефанаваць”, а “патэліць”.

– Ты б мог сказаць: “Не бойцеся размаўляць па-беларуску, гэта лёгка”? Твой прыклад – выключны?

– Не думаю, што выключны (усміхаецца). Пачаць размаўляць па-беларуску было не так складана, больш складана было размаўляць увесь час. Прыняць рашэнне – гэта адна справа, а другое – рабіць згодна з рашэннем.

Былі такія часы, калі думаў: “Навошта гэта патрэбна?” А потым сустракаюся з людзьмі, якія таксама размаўляюць па-беларуску, і разумею, што іншым гэта патрэбна. Калі пішу песні і разумею, што гэта так сама патрэбна некаму, як і мне, то прыходжу да высновы, што мы на правільным шляху.

– А калі з табой размаўляюць па-руску, то як?

– Па рознаму бывае. Дакладна скажу, што калі са мной размаўляюць па-беларуску, я заўседы адказваю толькі па-беларуску. Калі ў мяне такі беларускі перыяд, то на рускую я буду адказваць беларускай. А бывае, што магу і па-руску. У мяне прайшоў крызісны перыяд “не дай божа сказаць рускамоўнае”.

У нас такая моўная сітуацыя. Цябе за беларускую мову ніхто не будзе прыгнятаць. Але калі чалавеку зручней, ёсць тыя, хто не разумее, і калі не хочаш станавіцца ў позу, можна сказаць некалькі слоў па-руску.

Шлях пашырэння беларускай мовы павінны быць ні ў якім разе не прымусовы. Некаторыя выкладчыкі патрабавалі размаўляць на беларускай, нават калі я спачуваў мове (думаў, пісаў, але не гаварыў), мне было неяк непрыемна. Я не люблю, калі мяне прымушаюць.

– А якія адчуванні, калі беларускую мову чуеш у свой бок выпадкова?

– Гэта заўседы ўстраска. Калі, напрыклад, у мяне перыяд не зусім беларускамоўны, я думаю: “Так, нешта, я даўно не размаўляў па-беларуску”. Па-беларуску добра, калі гэта шчыра. У мяне была сессія, калі я ўсе прадметы здаваў па-беларуску.

Я зразумеў, што ўсё, што будзе ў мяне ў жыцці, будзе па-беларуску: і зносіны з дзяўчатамі, і экзамены.

– А ты ведаеш прыклады, калі нехта натхняўся тваёй размовай і пачынаў таксама выкарыстоўваць беларускую?

– Было. Ёсць людзі, якія спрабуюць размаўляць са мной па-беларуску. Няхай на трасянцы, але клёва, што яны спрабуюць. Я вось ведаю, што адна дзяўчына перайшла ў твітары на беларускую мову, таму што ёй стала цікава нашае знаемства.

– Некаторыя ў твітары пішуць па-беларуску, а ў жыцці размаўляюць па-расейску. Навошта?

– Ды нармальна! Проста чалавеку час ад часу не хапае нейкай рашучасці пастаянна размаўляць па-беларуску. Гэта ж трэба і ў метро, і ў чарзе, і злавацца па-беларуску, і прабачэння прасіць. Я гэта разглядаю як першы крок. Пачынаюць у інтернеце размаўляць, значыць потым можа будуць пашыраць сферу выкарыстання. Калі ты проста смсачку напішаш: “Дабранач”, гэта будзе вельмі добра. Кожны такі выпадак для беларускай культуры – гэта такі невялікі плюсік.

Беларуская мова – прыкмета адукаванасці чалавека, яго самасвядомасці. У нас не нараджаюцца беларусамі, а становяцца. Чалавек сам прыходзіць да гэтага. Калі ён слухае беларускамоўную музыку, значыць, яму гэта патрэбна. На шырокае кола гэта пакуль не распаўсюджваецца, таму беларускамоўны чалавек – гэта чалавек, які думае.

– Калі ты, я, ён, яна будзем размаўляць па-беларуску – гэта вялікі ўклад у культуру ці проста норма?

– Было б добра, калі б гэта было нормай. Мне здаецца, адбыліся бы вельмі станоўчыя змены. Я ведаю па сабе: калі я размаўляю па-беларуску, я сабе падабаюся больш, чым калі па-руску.

Добра, каб беларуская мова была б не толькі мовай літаратурных імпрэз, музычных канцэртаў, бібліятэчных паседженняў, а каб яна была звычайнай з’явай.

– А як ты ўдасканальваешь сваю мову?

– Чытаю, у асноўным, мастацкую літаратуру. Кніга, якая мяне вельмі ўразіла і натхніла, – “Цэнтр Еўропы” Уладзіміра Някляева. Някляеў для мяне – гэта той, па кім я вучыў беларускую мову, менавіта па вершах. Але ў яго такая проза! Гэта проста кайф. І настолькі бачна, што гэта проза паэта. Я чытаў на адным дыханні.

Час ад часу чытаю газеты, але толькі калі ведаю, што журналісты ў жыцці беларускамоўныя, што гэта не штампы, а жывая мова. На радыё мне не давалі казаць “кіроўца” замест “вадзіцель”, “адсоткі” замест “працэнты”, аргументуючы, што гэта ўкраінізм і паланізм. Але якая розніца, калі “вадзіцель” і “працэнты” – русізмы? Мова павінна быць жывой. У паэта Леаніда Дранько-Майсюка ёсць цудоўны верш “Хвалебнае слова наватворам”, ён там выдумляе і “далькажык” і “выход”, і гэтыя словы прыжыліся сярод беларускай інтэлігенцыі, асабліва далькажык – мабільны тэлефон.

– Есць такая асацыяцыя: беларускамоўны – нацыяналіст, апазіцыянер, рэвалюцыянер…

– Гэта, па-першае, рэвалюцыя ў самім сабе. Як ні круці, а ў беларускай мове ўжо закладзены менталітэт. Наш моўны апарат прыстасаваны да дзекання і цекання, і гэта крута.

– Ці можна сказаць: “Беларус павінны размаўляць і думаць па-беларуску”?

– У ідэале. Калі не можаш, ты павінен гэта хаця б паважаць.

– А чаму беларусы не размаўляюць па-беларуску?

– Мы не вучыліся ў беларускіх школах, не хадзілі ў беларускі дзіцячы садок, не чуем мову штодня на рабоце. Беларускай мовы ў нас мала ў паўсядзённым жыцці. Для нас гэта экзотыка. І пакуль беларуская не стане нормай, нічога не будзе. Але пачаць трэба з сябе. Гэта, ведаеш, ланцужковая рэакцыя. Як грып: чыхнеш, і вакол цябе людзі захварэюць, можа не ўсе, але некаторыя.