Музычная паўза

Падрыхтаваў Зміцер Босак
Фота: budzma.org, 
Зміцер Босак

Апошнія некалькі год колькасць рок-канцэртаў у Брэсце непазбежна змяншалася. І вось дасягнула крытычнай адзнакі. Амаль усё лета, акрамя Дня моладзі ды Дня горада, Брэст быў глухі і нямы. Зрэшты, брэсцкія рок-гурты спрабуюць неяк працягваць свае «падземнае» жыццё не гледзячы на адсутнасць канцэртаў. LITARY даведалісь, як ідуць справы ў брэсцкага музычнага андэграўнда і пагутарылі аб гэтым і многім іншым з арганізатарам Men’s Fest і шматлікіх рок-канцэртаў Зміцерам Назаравым.

Пра арганізацыю канцэртаў: «Няма пляцовак, а тыя, што ёсць, не вельмі прыстасаваныя для «жывагі»»

nazarau Канцэртаў становіцца ўсё меней, і гэта будзе працягвацца. Тут складаная сітуацыя, у Брэсце дык дакладна. Няма пляцовак, а тыя, што ёсць, не вельмі прыстасаваныя для «жывагі» і не надта зацікаўленыя ў ёй. Адсюль вынікаюць вялікія выдаткі на арганізацыю канцэртаў, якія ў большасці сваёй не акупаюцца. Падтрымкі рок-музыкам чакаць няма адкуль. Яны нікому не патрэбны. Ведаеце, у нас у горадзе вялікая колькасць гуртоў з досыць высокім узроўнем, і што? Музыканты заходзяць у сваеасаблівы тупік у нашай краіне і пакутваюць ад гэтага. Няма ў нас індустрыіі шоў-біза, як, напрыклад, у суседняй Украіне.

Вы паглядзіце колькі фэстаў летам там! І якой узровень! Адзін Львоў за лета прымае столькі фэстаў, колькі ў Брэсце не было з часоў яго заснавання. Сапраўды «печалька», што мясцовым уладам да гэтага няма справы. На гэтым можна зарабляць, рабіць рэкламу беларускім калектывам, рабіць рэкламу гораду і прыцягваць турыстаў, якія будуць траціць тут грошы. А ў нас, колькі сябе памятаю, усё па накатанай. Я ужо і не хаджу на гарадскія святы, таму што з года ў год адное і тое ж.

Выдаткоўваюць вялікія грошы на артыстаў, якія не каштуюць і палову гэтай лічбы. Напрыклад, «Без білета»  яны госці ўсіх гарадскіх святаў у краіне, а на сольны канцэрт збіраюць меней за зорак андэграунда Akute.

Да і зорак сваіх ва Украіне колькі? Вельмі моцная музычная сцэна, бо ёсць індустрыя. Радыё круціць сваіх, там не кажуць сваім гуртам, што яны «не фармат», а тэлебачанне не ідзе ні ў якое параўнанне з нашым  разрыў у 40 год, як мінімум. Колькі шоў: «Ікс фактар», «Украіна мае талант», «Голас Украіны» і г.д.

Нам з «Сьцяной» пашанцавала выступіць на буйным рок-фэсце Ўкраіны  «Найкраще місто UA» у Днепрапятроўску. Там пры падтрымцы губернатара ладзіцца трохдзённы фэст, які збірае па 70 000 чалавек і запрашае міравых зорак.

Пра развіццё рок-гуртоў: «Музычная супольнасць Брэста варыцца ў сваім саку»

  Андэграўнд  развіваецца, гурты рэпетуюць, выдаткоўваюць свае грошы на запісы, спрабуюць недзе выступаць, але гэта ўсё на ўзроўні альтруізма.

«Дай дарогу!»  малайцы. Гэта сапраўдныя зоркі Беларусі, якія збіраюць залы па ўсёй краіне. Нажаль гэта адзіны паспяховы гурт у нашым горадзе, які таксама ігнаруецца на афіцыйным узроўні.

Музычная супольнасць Брэста варыцца ў сваім саку. Некаторыя нешта пішуць, па магчымасці выязджаюць на нейкія канцэрты, але гэта наўрад ці можна назваць развіццём. Тэндэнцый да развіцця і паспяховасці альтэрнатыўнай музыкі ў Брэсце пакуль няма.

Пра наведвальнікаў фэстаў і Men’s Fest: «На канцэрты людзі ходзяць вельмі неахвотна»

– На мой погляд, а ён заўжды суб’ектыўны, на канцэрты людзі ходзяць вельмі неахвотна. Што датычыцца  Men’s Fest, дык тут таксама цяжка сказаць, ён спрыяе развіццю ці не … Тое, што звярне ўвагу на якасныя гурты,  гэта дакладна. У гэтым годзе будзе лайтовы спіс гуртоў, але яны вельмі прафесійныя і цікавыя. Тыя, хто прыйдзе, будуць 100% задаволеныя.

Фэст больш-менш вядомы ў Брэсце і выклікае цікавасць і ў нашых украінскіх ды польскіх сяброў.

Мне хочацца, каб фэст заўжды асацыяваўся з якаснай беларускай музыкай. І мы на гэта працуем. Час пакажа. Вера павінна быць заўсёды. Шкада, што публіка становіцца вельмі абыякавая да сваяго…

akute Akute в Бресте, 26 красавіка, 2013

Пра стаўленне ўлады: «Да такіх, як я, ставяцца з засцярогай і недаверам»

– Ведаеце, каб наш горад стаў цікавым культурніцкім цэнтрам Беларусі, мала такіх вось людзей, як я і мая каманда. Патрэбна іншае стаўленне мясцовай ўлады. У нас з года ў год нічога цікавага не адбываецца. Лета  а што ў нас у горадзе? Паглядзіце праграму культурніцкіх падзей Львова на лета, і ўсё стане зразумела. Каб Velcom ці МТС не спрыялі і не ўнікалі ў арганізацыю, не запрашалі самі артыстаў, цікава было б пабачыць наш Дзень горада  галоўнае, нажаль, культурніцкае свята лета.

Да такіх, як я, ставяцца з засцярогай і недаверам. Усюды спрабуюць выявіць і пабачыць крамолу. І гэта нагадвае нейкую параною. Але, прасоўваючы беларускае, я ўжо звыкся з гэтым у нашым горадзе.

Пра культурна-музычныя недахопы: «Глядзець на адні ліхтары і чыстату вуліц ніхто не паедзе»

– Ініцыятывы не хапае. Не хапае жадання пазнаёміцца, пабачыць нешта новае, і не апошнюю ролю ў гэтым грае інтэрнэт. Сацыяльныя сеткі  балота для моладзі. Хаця, што рабіць з ініцыятывай у Брэсце, я шчыра кажу: не ведаю. Да каго бегчы, да каго звяртацца?

У Польшчы вельмі часта наведваю культурніцкія гарадскія мерапрыемствы, нават удзельнічаў у арганізацыі. Дык там у арганізацыйны камітэт Дня горада заўсёды ўваходзяць актывісты з горада! Гэта актыўная і крэатыўная моладзь, і іх успрымаюць, іх слухаюць! Чыноўнікі размаўляюць з насельніцтвам горада на сваёй старонцы ў Facebook. Праводзяць кірмаш праектаў, турбуюцца аб тым, каю зрабіць цікавае мерапрыемтсва, не падобнае на мінулае. У нас жа  самі бачыце, як і што. Вынік  нецікава, несучасна і прэсна. Беларусы ўсё болей гатовы плаціць грошы і з’язджаць на фэсты і падзеі культурніцкага плана ў Польшчу, Літву ды Украіну. А ў нас не робіцца нічога, каб прывабіць турыстаў з валютай да нас. Глядзець на адні ліхтары і чыстату вуліц ніхто не паедзе.

Культура паляпшае жыццё, якое няспынна бяжыць наперад. Турбуйцеся за свой унутраны свет  яго палепшыць можаце толькі вы.